• Закрытое акционерное общество «Гудевичи»

“Камусьці – хлам, а для мяне – гісторыя”. Аб чым марыць збіральнік даўніны з Гудзевіч і дзе знаходзіць цікавыя экспанаты

Трапіўшы ў гаспадарчую пабудову да Георгія Новіка, разумееш, што маеш справу з чалавекам нераўнадушным да даўніны і гісторыі краю. На працягу многіх гадоў ён збірае цікавыя, на яго думку, рэчы і марыць, што калі-небудзь усё гэта стане здабыткам мясцовых краязнаўцаў і захавальнікаў гістарычнай спадчыны.

Цікавасць да рэчаў, якія калісьці верай і праўдай служылі нашым продкам, у Георгія Міхайлавіча са школьных гадоў. Гэтую цягу да краязнаўства, традыцый продкаў прывіў яму настаўнік і стваральнік Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея Алесь Белакоз.

– Некаторы час я нават сам працаваў у музеі, – распавядае суразмоўца. – Але не было адпаведнай адукацыі, ды і заработную плату хацелася большую. Таму пайшоў у гаспадарку, дзе працую і зараз.

Сёння ў яго асабістай “скарбонцы” ўнікальных экспанатаў даволі на значную музейную экспазіцыю (праўда, дакладна іх ніхто не лічыў). І пра кожную адслужыўшую свой век рэч у Георгія Міхайлавіча ёсць свая гісторыя.

– Вось боты, бачыце? На першы погляд нічым такім не вызначаюцца, акрамя таго, што добра выглядаюць, нягледзячы на сталы ўзрост. А між іншым, яны скураныя, падбітыя драўлянымі цвікамі. Сталыя людзі сцвярджаюць, што ў такім абутку было добра хадзіць па мокрым: цвікі набухалі, і вада не трапляла ўнутр бота, – расказвае гудзевіцкі энтузіяст.

Ці драўляны ложак. Ложак як ложак, такія некалі можна было сустрэць у кожнай сялянскай хаце. Аднак экзэмпляр Георгія Міхайлавіча з “сакрэтам” – ён раскладны.

– Спаць на такім ложку клаліся не ўздоўж, а ўпоперак. Таму што сем’і раней былі вялікія, не тое што зараз, і каб усім хапіла месца “на палацях”, дараблялі спецыяльныя прыстасаванні, – удакладняе мой суразмоўца.

Побач з ложкам абвязкова вісела падвясная люлька для немаўляці: і месца эканоміла ў невялікім пакоі, і заўсёды хтосьці меў магчымасць супакоіць малое.

Вельмі шмат у мясцовага збіральніка плеценых кошыкаў і кубышак вялізных памераў (у такіх раней захоўвалі зерне, а таксама ежу), нямала  адмысловых вагаў, гадзіннікаў і лямпаў розных эпох, вытворцаў, мадэляў і канфігурацый. Гонар гаспадара – калекцыя прасаў.

– Ёсць у мяне адзін з першых прадстаўнікоў гэтай хатняй прылады, – дэманструе Георгій Міхайлавіч нешта падобнае на макет цеплахода: цяжкое, з масіўнай трубой і ёмістасцю, куды засыпалася гарачае вуголле. Праўду сказаць, гаспадыні па тым часе трэба было мець добрую фізічную форму, бо каб такім “памочнікам” адпрасаваць усю бялізну, сіл трэба было затраціць нямала. І ніякага фітнэсу не трэба.

Больш таго, часу на адпачынак у нашых прабабуль не было. Колькі аперацый трэба было выканаць, каб аснаваць кросны, якія былі ў кожнай хаце! А кудзелю спрасці, а маладзіцы падрыхтаваць пасаг, каб жаніх і яго радня ацанілі. Дарэчы, у Георгія Міхайлавіча можна пазнаёміцца амаль што з усімі прыстасаваннямі, якімі карысталіся жанчыны для выканання гэтых работ.

Прыцягнулі маю ўвагу і збанкі. Памятаецца, такія ж шэрыя гарлачыкі былі калісьці ў маёй бабулі. Малако ў такім посудзе, змешчанае ў скляпенне ці халодны свіран, захоўвалася халодным на працягу ўсяго дня, і халадзільнік не патрэбен быў.

– Хачу пахваліцца і маёй калекцыяй карабкоў ад запалак з гербамі беларускіх гарадоў. Ёсць вельмі цікавыя экзэмпляры, – у чарговы раз здзівіў мяне суразмоўца, дэманструючы даволі-такі значны камплект невялікіх папяровых карабкоў з яркімі выявамі.

Дарэчы, мясцовыя жыхары, ведаючы захапленне аднавяскоўца даўніной, штосьці прыносяць самі, а ў большасці ён адшуквае свае “экспанаты” на разборцы старых хат ці яны трапляюць да яго выпадкова. “Што для кагосьці непатрэбны хлам, смецце, для мяне – гісторыя”, – сцвярджае мужчына.

Дадам, што Георгій Міхайлавіч яшчэ захапляецца нумізматыкай і вывучае гісторыю грошай. Але аб гэтым – наступным разам.